РОЗНАНАЦІСКНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, у якой націскі падаюць на розныя склады сугучных слоў. Характэрная для фалькл. твораў:

Ехала Домначка да вянца́,
Ды забыла матаньцы кла́няцца

Р.р. выкарыстана М.​Танкам у вершы «Каб другі раз быў...», напісаным мужчынскімі рыфмамі. Дзякуючы нечаканаму пераходу націску з апошняга склада зарыфмаванага слова на трэці ад канца падкрэсліваецца само гэта слова, а разам з ім і гал. думка твора:

Больш бы я прайшоў
Сцежак і дарог,
І сваю любоў
Я мацней бярог,
Больш бы даражыў
Кожным днём сваі́м, —
Каб другі раз быў
Маладзю́сенькім!

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)